ГлавнаяНовости25 красавіка 2018 года ў Мінску ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі адбыўся брыфінг з нагоды Міжнароднага дня памяці аб чарнобыльскай катастрофе

25 красавіка 2018 года ў Мінску ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі адбыўся брыфінг з нагоды Міжнароднага дня памяці аб чарнобыльскай катастрофе

25 красавіка 2018 года адбыўся брыфінг для прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса і міжнародных арганізацый, прымеркаваны да 32-й гадавіны чарнобыльскай трагедыі і Міжнароднага дня памяці аб чарнобыльскай катастрофе, абвешчанага ў 2016 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН. У такім фармаце ён праводзіўся ўпершыню. Мерапрыемства арганізавана Мiнiстэртвам замежных спраў сумесна з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях, Дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прадстаўніцтвам Праграмы развіцця ААН.

 

На пачатку мерапрыемства ўдзельнiкi ўшанавалi памяць ахвяр чарнобыльскай катастрофы хвілінай маўчання.

У рабоце брыфінга прымалi ўдзел з дакладамi: намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэй Дапкюнас, намеснік Міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Генадзь Ласута, намеснік пастаяннага прадстаўніка Праграмы развіцця ААН Беларусі Закары Тэйлар, дырэктар Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Скакун, дырэктар Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб'яднання «ЭкоСтроитель», старшыня Савета грамадскіх аб'яднанняў пры Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Юрый Супрыновіч, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі VELCOM Вячаслаў Смірноў.

У сваім выступе намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэй Дапкюнас назваў чарнобыльскую катастрофу трагічнай пазнакай у гісторыі краіны і лёсе беларускага народа. Ён адзначыў, што наступствы чарнобыльскай катастрофы па сваёй разбуральнасцi можна параўнаць з наступствамі Вялікай Айчыннай вайны.

«Забеспячэнне належных і бяспечных умоў жыцця для жыхароў пацярпелых раёнаў, вяртанне забруджаных тэрыторый да нармальнага сацыяльна-эканамічнага развіцця застаецца надзённай справай для Урада Беларусі і мясцовых уладаў», – падкрэсліў Андрэй Дапкюнас. – «За больш чым 30-гадовы перыяд пасля чарнобыльскай катастрофы Беларусь прайшла шлях ад краіны, якая атрымлівае гуманітарную дапамогу, да паўнапраўнага партнёра і краіны-эксперта, якая мае вопыт пераадолення найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы».

А.Дапкюнас адзначыў, что Беларусь адчувае сябе адказнай за захаванне ўвагі сусветнай супольнасці да гісторыі і ўрокаў трагедыі Чарнобыля, распаўсюджванне нацыянальнага вопыту пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы і заахвочванне традыцый шчырага гуманітарнага водгуку на бяду блізкага.

У 2016 годзе Генеральная Асамблея ААН падкрэсліла важнасць спадчыны чарнобыльскай катастрофы і ўпаўнаважыла арганізацыі сістэмы ААН працягваць аказваць садзейнічанне дасягненню мэт устойлівага развіцця ў пацярпелых рэгіёнах праз прыцягненне інвестыцый і спрыянне інавацыям.

Намеснік Міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Генадзь Ласута ў сваiм дакладзе адзначыў, што для дасягнення пастаўленых мэтаў краiне патрэбна падтрымка ў тым ліку міжнароднай супольнасці – навукова-тэхнічныя, гуманітарныя, інвестыцыйныя праекты, якія могуць спрыяць сацыяльна-эканамічнаму развіццю і забеспячэнню бяспекі жыццядзейнасці.

«Я запрашаю вас, паважаныя ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы, бліжэй пазнаёміцца з найбольш пацярпелымі тэрыторыямі – з Брагінскiм, Хойніцкiм, Нараўлянскiм раёнамi, з нашым Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведнікам», – сказаў Г.Ласута. – «Вельмі спадзяюся, што ўбачанае натхніць вас, дазволіць зірнуць з іншага боку на існуючыя магчымасці для развіцця сумесных праектаў».

Добрым прыкладам самаакупнага праекта і магчымасці інвеставання ў пацярпелыя раёны з'яўляецца запушчаная ў мінулым годзе кампаніяй Velcom паблізу Брагіна найбуйнейшая ў краіне сонечная электрастанцыя, пра дзейнасць якой распавёў Вячаслаў Смірноў, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый вышэйназванай кампаніі.

Удзельнiкi выказалi падзяку ўрадам, недзяржаўным арганізацыям і грамадзянскім ініцыятывам Расіі, Кітая, Аўстрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Японіі, а таксама шэрагу іншых краін, якія аказалі і працягваюць аказваць дапамогу Беларусі і яе насельніцтву.

Напрыканцы брыфінгу А.Дапкюнас і намеснік Прадстаўніка ААН у Беларусі З.Тэйлар уручылі спецыяльныя прызы Міністэрства замежных спраў, ПРААН i Дэпартамента па ліквідацыі вынiкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС беларускім вучням – фіналістам творчага конкурса “Праз прызму дзесяцігоддзяў” (у межах праекта “Чарнобыль: падзеі, лёсы, памяць” газеты “Пераходны ўзрост”).

Ліквідацыя доўгатэрміновых наступстваў чарнобыльскай катастрофы і іншых радыяцыйных аварый – справа не толькі пацярпелых краін, але ўсёй сусветнай супольнасці. Станоўчы вынік можа быць дасягнуты толькі агульнымі намаганнямі.

Удзельнікі мерапрыемства таксама мелі магчымасць азнаёміцца з прэзентацыйнымі матэрыяламі, прадстаўленымі Дэпартаментам па ліквідацыі вынiкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама з тэматычнай выставай «Адраджаем родную зямлю разам!».

Обновлено 28.04.2018

 
тел. 209-96-01,
факс: 209-96-05

e-mail: goschernobyl@mchs.gov.by

Адрес: 220036, г. Минск, Бетонный проезд, 33

График работы: 9:00 - 18:00

Перерыв: 13:00 - 14:00

zhurnal

belarus_low

belarus_low

belarus_low